«Драгiчынскi веснiк» – сучасная газета з багатай гiсторыяй
Першы нумар Драгічынскай раённай газеты выйшаў у свет 28 кастрычніка 1939 года. Гэта быў час сацыялістычных пераўтварэнняў на нашай зямлі, калі заходнія вобласці Беларусі аб’ядналіся з БССР. Называлася тады “раёнка” “Чырвоная зара”. Гэта было невялікае, падобнае на лістоўку, выданне. Нягледзячы на гэта, газета своечасова даходзіла да чытача, карысталася высокім аўтарытэтам сярод мясцовага насельніцтва.
Спачатку газета з’яўлялася органам Часовага ўпраўлення Драгічынскага павета Пінскай вобласці, затым – Драгічынскага райкама кампартыі Беларусі і раённага Савета дэпутатаў працоўных.
Апошні даваенны нумар “Чырвонай зары” выйшаў 22 чэрвеня 1941 года — у першы дзень Вялікай Айчыннай вайны. Многія супрацоўнікі рэдакцыі неўзабаве пайшлі на фронт, каб са зброяй у руках адстойваць гонар і незалежнасць роднай Айчыны
Летам 1943 года на часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі нашага раёна пачала выходзіць падпольная газета “Красная заря”. Газета-стваральніца стала воінам-патрыётам. Выданне яе было сапраўдным святам для партызан. І не толькі для іх. Яе чыталі жыхары партызанскай зоны, блізкіх і далёкіх вёсак. Людзі непарушна выконвалі заклік, надрукаваны ў правым верхнім кутку першай старонкі: “Прачытай і перадай таварышу!”.
Нягледзячы на розныя ваенныя нягоды і цяжкасці, ні разу не сарваўся выпуск “Красной зари”. І ў гэтым была вялікая заслуга рэдактара Яўгена Пчолкі, наборшчыц Зоі Зубчонак, Аляксандры Фядотавай і Клаўдзіі Каструбенкі. За час баявых дзеянняў было выпушчана 36 нумароў падпольнай райгазеты агульным тыражом 4400 экземпляраў.
У ліпені 1944 года, калі нямецка-фашысцкія акупанты былі выгнаны з Драгічыншчыны, газета пачала выдавацца на роднай мове пад назвай “Чырвоная зорка”. З першых жа нумароў яна пачала мабілізоўваць працоўных на хутчэйшае адраджэнне разбураных вёсак, усёй народнай гаспадаркі раёна.
Беглі дні, міналі дзесяцігоддзі. З 1963 года наша газета пачала выходзіць пад назвай “Запаветы Леніна”, а з 1990-га – “Драгічынскі веснік”.
Першым рэдактарам “раёнкі” быў М.В.Южык, затым у розныя часы яе рэдагавалі Я.М.Львовіч, Я.П.Пчолка, М.П.Дзям’янаў, В.Н.Хілько, В.А.Літвінчук, І.А.Каваленка, Ф.І.Калесніковіч, А.Ф.Сяргей.
Цяпер раённая газета “Драгічынскі веснік” выходзіць 1 раз на тыдзень: па пятніцах. Яе заснавальнікамі з’яўляюцца раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў і працоўны калектыў рэдакцыі.. Тыраж газеты складае звыш 4000 экземпляраў.
У рэдакцыйным калектыве працуе 13 чалавек, 5 з іх – творчыя работнікі.
Дзейнасць рэдакцыі падпарадкавана мэтам і задачам, замацаваным у Статуце ўстановы: асвятленне палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця раёна. На старонках газеты друкуецца шмат матэрыялаў, якія асвятляюць дзейнасць мясцовай улады, работы народнагаспадарчага комплексу Драгічыншчыны, функцыянавання сацыяльнай сферы.