spot_img

З кагорты працавітых

Дата:

Прозвішча Мазур даволі шырока распаўсюджана і часта сустракаецца сярод жыхароў вёсак Белін і Белінок. Тут, у Беліне, непадалёку ад парома праз Дняпроўска-Бугскі канал, пражывае Фёдар Сямёнавіч Мазур. Ён – адзін са старэйшых механізатараў былога мясцовага калгаса “Савецкая Беларусь”.

Нарадзіўся Фёдар у ваеннае ліхалецце – у 1944 годзе. Скончыў 7 класаў  мясцовай школы і паступіў у Драгічынскае СПТВ №29, дзе і набыў спецыяльнасць механізатара шырокага профілю. Пасля гэтага і пачалася яго працоўная біяграфія. Тады, у 1960 годзе, тэхнікі ў калгасе было няшмат. Але Мазуру, маладому і адукаванаму, даверылі новы гусенічны трактар ДТ-54. Дзе толькі ні працаваў на ім малады хлопец!

З кагорты працавітых

Тады вялікіх пасяўных плошчаў у калгасе не было. Пераезды з аднаго ўчастка на другі забіралі шмат часу. “Дзедаўскія ніўкі” – так называў гэтыя палеткі былы брыгадзір першай комплекснай брыгады Анатоль Васільевіч Крывецкі. Аднак і іх трэба было апрацоўваць, бо пра меліярацыю зямель у той час нават не марылі.

Фёдар Мазур добрасумленна адносіўся да даручанай справы. Добра ведаючы будову трактара і іншых сельгасмашын, ён карыстаўся павагай і аўтарытэтам не толькі сярод калег па рабоце, але і членаў праўлення гаспадаркі. Механізатар завочна закончыў сярэднюю школу, самастойна паглыбляў веды ў галіне сельскай гаспадаркі.

У 1964 годзе Фёдар ажаніўся на дзяўчыне, якая працавала загадчыцай Малінаўскага сельскага клуба. Маладая сям’я жыла дружна, сваімі сіламі пабудавала дом, завяла ўласную гаспадарку, гадавала дваіх дзяцей.

Праз некаторы час жонка перайшла працаваць поварам у Белінскую СШ. А Фёдар працягваў шчыраваць у калгасе, з’яўляючыся ўжо трактарыстам I класа. Маючы моцнае здароўе, ён прымаў актыўны ўдзел у здачы крыві, у выніку чаго яму ў 1980 годзе прысвоілі званне “Ганаровы донар СССР”.

Бег час. Мацнеў калгас, набываў усё больш тэхнікі. Аднак у Фёдара Мазура клопатаў не меншала. Зімою, напрыклад, ён вывозіў з балота сена, якое тады з’яўлялася асноўным кормам для грамадскага статка. Дарэчы, траву летам звычайна касілі на забалочаных угоддзях “Дыферэнцыя”,”Церабун” і “Перкулёс”. Зімой, калі балота замярзала, сена дастаўлялі да ферм. На пераправе  праз Дняпроўска-Бугскі канал спецыяльна нарошчвалі лёд, каб ён не праламаўся пад трактарамі і санямі з сенам.

– Асабліва цяжка даводзілася працаваць на вывазцы сена, калі калгасу адвялі ўчастак у забалочаным масіве ля вёскі Повіць Кобрынскага раёна, – успамінае Фёдар Сямёнавіч. – Дабірацца туды было няпроста. Спачатку ехалі аўтамашынай каля 30 кіламетраў, потым ішлі пешшу метраў 500 па калена, а то і па пояс у вадзе. Туды звычайна адпраўлялася чалавек 60–70 з запасамі харчоў на тыдзень…

З вялікай цеплынёй і шчырай душэўнасцю ветэран працы ўспамінае сваіх сяброў-трактарыстаў М.І.Бандарука, М.А.Зінчука, М.В.Чаховіча, М.П.Шэйку, М.М.Снарскага. Усе яны заўсёда дапамагалі адзін другому, бо выконвалі адну агульную справу. А як цяжка было рамантаваць трактар на двары, асабліва ў марознае надвор’е!

Сёння Фёдар Сямёнавіч ніяк не можа зразумець, чаму ў некаторых гаспадарках не хапае механізатараў. Тэхніка ж зараз высокапрадукцыйная, з камфортнымі кабінамі, землі меліяраваныя, усюды ёсць рамонтныя майстэрні…

Дзеці яго даўно выраслі, атрымалі адпаведную адукацыю, маюць свае сем’і і жыллё. Дачка працуе ў Брэсце, сын – настаўнікам у Белінскай СШ. На жаль, летась памерла жонка – самы дарагі для яго чалавек. Сум і зараз не сыходзіць з твару Фёдара Сямёнавіча. Аднак да яго часта заходзяць родныя і блізкія людзі, знаёмыя, якія жадаюць ветэрану дабрабыту і даўгалецця.

Пётр ПАДЛУЖНЫ, 

наш няштатны карэспандэнт

Фота Ганны ГАЛЁТЫ

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Яркое открытие елки в Дрогичине: праздник для всей семьи

В Дрогичине прошло торжественное открытие главной новогодней елки, которое...

Кедми: “Орешник” делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси

"Орешник" делает немыслимыми любые угрозы безопасности Беларуси. Такое мнение...

Пожар в Дрогичине: работники МЧС спасли хозяина квартиры

Вчера вечером спасателям сообщили о пожаре в квартире на...

Дрогичинским РОВД проводится комплекс профилактических мероприятий

Дрогичинский РОВД информирует о начале комплекса профилактических мероприятий, направленных...